Час гаварыць па-беларуску: «Луч» паказаў новую калекцыю «Мова»


Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў культуры, медыя і сяброў брэнда, каб першымі ўбачыць калекцыю, прысвечаную класікам беларускай літаратуры. Асаблівай падзеяй вечара стала перадача  экзэмпляра гадзінніка з новай калекцыі ў дар музею — сімвалічны жэст, які замацаваў сувязь паміж гадзіннікавым мастацтвам і літаратурнай спадчынай.

Для гасцей была падрыхтаваная насычаная праграма: паказ ад дызайнера, які прадставіў калекцыю, натхнёную беларускімі матывам, лялечнае прадстаўленне ад тэатра батлейкі, чытанне верша Цёткі, а таксама экскурсія па музеі і інтэрактыўны квіз для гасцей.

Калекцыя «Мова» створана да Дня роднай мовы і ў год юбілейных дат – 135-годдзя Максіма Багдановіча і 150-годдзя Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Гэта новы праект брэнда «Луч», які працягвае традыцыю асэнсавання нацыянальнай культуры праз дызайн і гадзіннікавае мастацтва.

У час, калі пытанні культурнай ідэнтычнасці зноў становяцца цэнтральнымі для грамадства, праекты, што асэнсоўваюць і пераасэнсоўваюць нацыянальную спадчыну, набываюць асаблівую вагу. Калекцыя «Мова» – гэта сімвалічны жэст падтрымкі беларускай культуры, спроба зрабіць яе бачнай, сучаснай і прысутнай у паўсядзённым жыцці.

У аснове калекцыі пакладзены вобразы двух выбітных творцаў, якія фармавалі беларускую літаратурную традыцыю і нацыянальную свядомасць:
- Максім Багдановіч – сімвал інтэлектуальнай глыбіні, гармоніі і паэтычнай дакладнасці.
- Алаіза Пашкевіч (Цётка) – голас свабоды, спагады і грамадзянскай мужнасці.

Дзве мадэлі – мужчынская і жаночая – адлюстроўваюць два погляды, два тэмбры, але адну агульную ідэю: мова як аснова культуры і духоўнай моцы народа.

Калекцыя створана пры ўдзеле Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, што падкрэслівае яе дакладнасць, павагу да літаратурнай спадчыны і імкненне да дыялогу паміж традыцыяй і сучаснасцю.

Гэта праект, які нагадвае пра каштоўнасць беларускай культуры, пра сувязь пакаленняў і пра тое, што нацыянальная ідэнтычнасць жыве ў штодзённых выбарах. Гэта спроба зрабіць культуру бачнай, сучаснай і блізкай кожнаму.

Асаблівасці калекцыі
- дзве мадэлі – мужчынская і жаночая, кожная з уласнай сімволікай;
- індывідуальны нумар кожнага асобніка;
- дзве папружкі ў камплекце – светлая з вышыўкай і цёмная з цісненнем;
- механізм «Луч» 1801.1, корпус з нержавеючай сталі, сапфіравае шкло;
- абмежаваны выпуск – 400 асобнікаў.

Гэта калекцыя для тых, хто хоча падкрэсліць сваю сувязь з беларускай культурай, для тых, хто цэніць якасць і сэнс, для тых, хто шукае асаблівы падарунак.

Новая лімітаваная калекцыя «Мова» – гэта прыклад таго, як сучасны дызайн можа стаць сродкам захавання і падтрымкі нацыянальнай культуры. Праект, які аб’ядноўвае гісторыю і сучаснасць, літаратуру і моду, асабісты выбар і агульнанацыянальныя каштоўнасці.